СЛО́ЎНІК ПСЕЎДАНІ́МАЎ,

літаратуразнаўча-бібліяграфічны даведнік, дзе раскрываюцца псеўданімы і крыптанімы пісьменнікаў, артыстаў і інш., пад якімі яны выступаюць у друку, на сцэне і г.д. Часта ўключае плагіяты, дзявочыя прозвішчы аўтараў жанчын мае паказальнік аўтараў, дзе пералічваюцца іх псеўданімы і крыптанімы. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў у іх найчасцей наступныя: псеўданім і яго раскрыццё (прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара); месца выкарыстання псеўданіма (перыяд. выданне, творы ці агульнае ўказанне на час і месца яго паяўлення); крыніца, паводле якой псеўданім расшыфраваны (друкаваная, архіўная, вусная).

Першыя С.п. з’явіліся ў 16 ст. («Багаслоўскія тлумачэнні» Г.​Геснера, 1549). У 17 ст. пачалося сістэматычнае збіранне і выданне псеўданімаў («Пра пісьмовыя сімвалы, што захоўваюць імёны» І.​Саўэрса, 1652; «Пра змененыя імёны аўтараў і ананімы» Ф.​Гейслера, 1669). У 1806—09 А.​Барб’е выдаў 4-томны слоўнік франц. псеўданімаў. Найб. вядомыя С.п.: англ. Д.​Кенэдзі, А.​Сміта, А.​Джонсана (т. 1—4, 1926—30), літоўскія В.​Біржышкі (1943), Ю.​Буценаса (1981), франц. Г.​Костана (1961), груз. Т.​Мікадзе (1966, 1969), азерб. Г.​Мамедлі, Н.​Макеева (абодва 1977), эст. М.​Каху (1978), узб. Т.​Караева і Р.​Вахідава (1978, 1979) і інш. На слав. землях працы з пералічэннем псеўданімаў з’явіліся ў 18 ст. («Бібліятэка польскіх паэтаў, што пішуць роднаю моваю» Ю.​А.​Залускага, 1754), у Расіі — у пач. 19 ст. («Сістэматычны агляд літаратуры ў Расіі на працягу пяцігоддзя з 1801 да 1806 г.» А.​Шторха і Ф.​Адэлунга, 1810—11). Першы С.п. у Расіі — «Вопыт слоўніка псеўданімаў рускіх пісьменнікаў» В.​Карцава і М.​Мазаева (1891). Найб. грунтоўныя слав. С.п.: чэш. і славацкія А.​Даленскага (1934), І.​Орміса (1944), І.​Кунца (1958), І.​Воправіла (1973), польскія А.​Бара (т. 1—3, 1936—38), калект. «Слоўнік псеўданімаў польскіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1994—96), рус. «Слоўнік псеўданімаў рускіх пісьменнікаў, вучоных і грамадскіх дзеячаў» І.​Масанава (т. 1—3, 1941—49, т. 1—4, 2-е выд. 1956—60, больш за 80 тыс. псеўданімаў і крыптанімаў), венг. Пала Гуяша (1956), балг. І.​Багданава (1961), укр. А.​Дэя (1969).

На Беларусі першая публікацыя бел. псеўданімаў — «Літаратурныя працы Ц.​Гартнага» Ю.​Бібілы (у кн. «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928). У «Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.)» Я.​Саламевіча (1983) расшыфраваны 3992 псеўданімы і крыптанімы 1231 аўтара.

Літ.: Гл. да арт. Псеўданім.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)